Метадычная скарбонка

Кансультацыя для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі

Асаблівасці ўспрымання мастацкіх твораў малодшымі дашкольнікамі

    Выхаванне і развіццё асобы дашкольніка пад уздзеяннем мастацкай літаратуры здзяйсняецца ў працэсе яе непасрэднага ўспрымання. Пры слуханні літаратурнага твора, у залежнасці ад яго зместу і мэтавай накіраванасці, у дзіцяці ўзнікаюць сімпатыі, спачуванне ці адмоўныя адносіны да герояў, іх учынкаў.

   У склад кампанентаў эстэтычнага ўспрымання твора дзецьмі дашкольнага ўзросту ўваходзіць эмацыянальны водгук маленькага слухача, яго зацікаўленыя адносіны да герояў твораў, здольнасць да атрымання асалоды ад прыгожай, вобразнай і мілагучнай мовы, а таксама адчуванне дашкольнікамі магчымасці перанесці матывы таго ці іншага дзеяння героя на сябе, на свой невялікі рэальны жыццёвы вопыт. Успрыманне мастацкага твора – гэта перш за ўсё работа розуму і сэрца, усіх духоўных сіл дашкольніка папаўненне яго невялікага жыццёвага вопыту [1, с.6].

     Поспех арганізацыі і ажыццяўлення мастацка-маўленчай дзейнасці непасрэдна звязаны з падрыхтоўкай выхавальніка.

   Час для змястоўных эмацыянальна-вобразных зносін з мастацтвам слова вызначаецца распарадкам дня і прыкладна складае да 10 хвілін у малодшым узросце.

     Літаратурныя творы для ўспрымання падбіраюцца зыходзячы з развіццёвага патэнцыялу дзяцей, у адпаведнасці з тэматыкай, прапанаванай вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, з літаратурным вопытам дзяцей. Паслядоўнасць чытання мастацкіх твораў выхавальнік вызначае самастойна, кіруючыся прынцыпамі чаргавання вершаваных і празаічных тэкстаў. Пры падборы і планаванні паслядоўнасці азнаямлення дзяцей з мастацкімі творамі выхавальніку важна кіравацца наяўнымі падзеямі (сезон, святы, памятныя даты), тэматычнымі цыкламі. Пры выбары літаратурных твораў для чытання дзецям важна ўлічваць інтарэсы выхаванцаў, іх праблемы, эмацыянальны стан. Чытанне твораў лепш праводзіць у нязмушаных абставінах, пры гэтым варта даць дзіцяці магчымасць выбраць для сябе зручную позу ў непасрэднай блізкасці да педагога. Пажадана, каб слуханне твора для кожнага дзіцяці было добраахвотнае.

    Падрыхтоўка педагога да чытання мастацкага тэксту ўключае папярэдняе чытанне твора ўслух, звычайную рабочую разбіўку тэксту, вызначэнне інтанацыйнай выразнасці, пры гэтым выхавальніку неабходна памятаць, што ў аснове азнаямлення дзяцей з творам мастацкай літаратуры і фальклору ляжыць сам працэс чытання і радасць дзіцяці ад адкрыцця пачутага слова, мелодыкі вершаў.

    Працэс першапачатковай арыенціроўкі дзяцей у мастацкім творы падводзіць дашкольнікаў да больш усвядомленага ўспрымання твораў славеснага мастацтва.

     Паколькі ад ўспрымання мастацкага твора залежыць яго далейшае разуменне і ўзнаўленне, то перад выхавальнікам дзіцячага сада стаіць задача садзейнічаць працэсу ўспрымання літаратуры дашкольнікамі.

     Успрыманне з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў мастацка-маўленчай дзейнасці. Яно ўяўляе сабой складаны працэс, які ўключае слуханне, уяўленне, усведамленне праслуханага і разуменне яго зместу. Дзеці дашкольнага ўзросту не ўмеюць самі чытаць кнігі. Яны іх толькі слухаюць. Падчас слухання літаратурнага твора ў свядомасці дзіцяці ўзнікаюць пэўныя ўяўленні, канкрэтныя вобразы, якія яно асэнсоўвае і аб’ядноўвае паміж сабой, што дапамагае яму больш дакладна ўсвядоміць і зразумець змест прачытанага.

   Аб магчымасці дашкольнікаў глыбока ўспрымаць змест літаратурных твораў як мастацтва слова сведчаць псіхалагічныя даследванні Д. Б. Эльконіна, А. У. Запарожца, Л. І. Бажовіч, Л. С. Славінай. Псіхолагі адзначаюць, што характэрныя асаблівасці псіхікі, усведамлення і паводзін дзяцей дашкольнага ўзросту дазваляюць актыўна кіраваць працэсам ўспрымання мастацкага твора [1 ,с.7].

   Акадэмік А.У. Запарожац адзначае, што актыўнае ўспрыманне мастацкага твора дашкольнікамі яскрава праяўляецца ў працэсе яго слухання. Калі твор зацікавіў дзяцей, то яны ўвесь час перапыняюць ход расказвання, уключаюцца самі ў падзеі, звяртаюцца да дарослага з пытаннямі, намагаюцца дапамагчы героям. «Дзіця не хоча і не ўмее займаць пазіцыю старонняга гледача ўсіх апісваемых у казцы падзей. Яно намагаецца ўключыцца ў іх ход, перайсці на бок той ці іншай асобы, намагаецца рэалізаваць мэты пазітыўнага персанажа не толькі ў думцы, але і дзейсна!»[2,  с.72-73]

   Дашкольны ўзрост з’яўляецца перыядам актыўнага станаўлення ўспрымання мастацкіх твораў дзецьмі.

  Успрыманне мастацкага твора малодшымі дашкольнікамі вызначаецца сваёй непасрэднасцю. Яны эмацыянальна ўспрымаюць падзеі, што адбываюцца ў творы, актыўна перажываюць усё, што адбываецца з героем, нават з фантастычным, суперажываюць разам з ім. Іх вельмі радуе спрыяльны ход падзей, перамога дабра над злом (прыклад з вопыту работы. Праслухаўшы казку «Калабок», Уладзік Св. устае з месца, падыходзіць, заглядвае ў вочы і гаворыць: «Скажы, Мікалаеўна, што ліса не з’ела Калабка…». І вось тут я адказваю хлопчыку, што хоць і ліса праглынула Калабка, але ж ён пачаў у яе жываце спяваць сваю песеньку. Гэта лісе надакучыла і яна адкрыла шырока рот, а Калабок выкаціўся і далей пакаціўся па дарожцы. Але цяпер ён ужо быў больш уважлівы і хітрэйшы.)

    Увага дзяцей у большай ступені звернута на саміх герояў твора. Дашкольнікаў цікавіць іх знешні выгляд, дзеянні, учынкі. Адной з характэрных асаблівасцей успрымання мастацкіх твораў малодшымі дашкольнікамі з’яўляецца імкненне да рытмічна-арганізаванага складу маўлення, гучных рыфмаў, дакладных рытмаў, выразнай інтанацыі. У гэтым узросце дзеці больш за ўсё любяць слухаць (і чытаць) вершаваныя творы.

     На ўспрыманне твора настройвае ўступная гутарка, якая звычайна накіравана на зварот дзіцяці да свайго асабістага вопыту. Яе тэмай могуць стаць папярэднія назіранні дашкольніка за навакольнымі прадметамі і з’явамі.

     У малодшым дашкольным узросце асаблівае значэнне, асаблівую пабуджальную сілу ў мастацка-маўленчай дзейнасці мае гульнёвы матыў.

     Глыбокаму эмацыянальнаму ўспрыманню садзейнічае папярэдняе праслухоўванне музычных твораў, якія настройваюць дзіця на пэўны эстэтычна-эмацыянальны лад. Асабліва гэта датычыцца мастацкіх твораў аб жывой прыродзе.

     Узмацняе эмацыянальнае ўздзеянне твора выяўленчы наглядны матэрыял (цацка, карціна, ілюстрацыя і інш.).

     Для таго каб зацікавіць дзяцей, падрыхтаваць іх да ўспрымання тэксту, можна выкарыстоўваць і малыя фальклорныя жанры (загадкі). Яны выклікаюць у выхаванцаў пэўны эмацыянальны водгук і адпаведны настрой.

     Усведамленне і асэнсаванне мастацкага твора пачынаецца з яго чытання. Дзіця ўспрымае твор цалкам у еднасці яго зместу і мастацкай формы. Адным з самых дзейсных сродкаў данясення да маленькіх слухачоў зместу твора з’яўляецца майстэрства яго выразнага расказвання або чытання. Важна прадумаць элементы артыстычнасці – міміку, жэсты, вызначыць тыя месцы тэксту, якія неабходна будзе праскандзіраваць, праспяваць. Пры знаёмстве дзяцей з творам важна з’яўляцца не чытальнікам-дэкламатарам, а зацікаўленым удзельнікам.

     Чытаць або расказваць літаратурны твор варта не спяшаючыся, каб дзеці мелі магчымасць найбольш дакладна асэнсаваць яго змест, адчуць прыгажосць мовы.

     У працэсе чытання або расказвання дашкольнікі павінны бачыць твар выхавальніка, яго артыкуляцыю, міміку, а не толькі чуць яго голас. Пры гэтым важна прытрымлівацца правіла: глядзець не толькі ў тэкст, але і ў твары дзяцей, сустракацца з імі вачамі, назіраючы за іх рэакцыяй.

     Пры расказванні малых фальклорных жанраў важна стварыць такія ўмовы, пры якіх у малога паўстала б патрэба маўленчага ўзаемадзеяння з дарослым.

     Пры чытанні некаторых пацешак можна мяняць імя дзеючага персанажа на імёны дзяцей з групы. Кожнае дзіця з нецярпеннем чакае, калі пра яго раскажуць, і ў той жа час з цікавасцю сочыць за тым, як расказваюць пра іншых дзяцей.

   Знаёмячы дзяцей з народнымі казкамі, неабходна ўлічваць варыятыўнасць іх зместу. Для расказвання трэба падбіраць той варыянт, які максімальна адказвае магчымасцям успрымання дашкольнікаў.

    У працэсе эмацыянальна-вобразных зносін важна кіравацца прынцыпам узаемадзеяння слова і нагляднасці.

Расказванне без нагляднага суправаджэння выкарыстоўваецца на занятках, прысвечаных паўтору знаёмых пацешак, песенек, казак, кароткіх апавяданняў.

    Дзіця малодшага дашкольнага  ўзросту з задавальненнем разглядае кніжкі-малюнкі, яму даступна разуменне рэалістычнага і камічнага.

     У пацешках, песеньках і вершах часам не ўсе словы зразумелыя малым. Гэтак жа, як зачыны, гукаперайманні, яны выконваюць у гэтых творах гукавую, дапаможную гульнёвую ролю, таму іх можна не тлумачыць.

  Не зразумелыя словы тлумачацца перад чытаннем твора. Напрыклад, перад расказваннем казкі «Лісіца-хітрыца» можна паведаміць дзецям: «Я раскажу вам казку пра лісу, якая ўвесь час хітрыла, падманвала».

     Каб дзеці адчулі паэтычную мову твора, зразумелі яго тэму і ідэю, мэтазгодна вяртацца да яго ўспрымання неаднаразова. Важна рыхтаваць дзяцей малодшага ўзросту да больш усвядомленага ўспрымання мастацкага слова. У сувязі з гэтым варта развіваць у дашкольнікаў здольнасць уважліва прыслухоўвацца да эмацыянальна-вобразнага зместу твора, уяўляць малюнкі, якія створаны пры дапамозе мастацкага твора, эмацыянальна адгукацца на апісаныя ў мастацкім творы жыццёвыя выпадкі, адчуваць выразнасць асобных слоў, праяўляць жаданне выказацца, актыўна адказваць на пытанні і задаваць іх.

     Важна імкнуцца выклікаць у дашкольнікаў актыўнае ўспрыманне твора. Пасля першага расказвання казкі дзецям педагог дапамагае ім прыпомніць яго змест шляхам заданняў, накіраваных на выкананне імі пэўнага дзеяння, дагаворвання слоў, фраз, узнаўлення ўпадабаных урыўкаў мастацкага тэксту.

    Не варта імкнуцца да абавязковага абмеркавання з дзецьмі мастацкага тэксту адразу пасля чытання. Абмеркаванне павінна насіць нязмушаны характар. Яно дарэчы пасля чытання, калі ў дзяцей узнікаюць пытанні і меркаванні адносна прачытанага.

   Трэба з асобай увагай прадугледзець ход гутаркі, прадумаць пытанні, тонка кіраваць эмацыянальна-вобразнымі зносінамі. У працэсе зносін не даецца гатовай інфармацыі, гатовага адказу, толькі аказваецца дапамога ў яго пошуку, для чаго дзецям задаюцца навадныя пытанні, а не пытанні для інфармацыі, што пашырае свабоду творчай думкі дзіцяці.

    У працэсе гутаркі пасля чытання мастацкага твора важна дапамагчы дзіцяці асэнсаваць і зразумець не толькі ўзаемасувязь развіцця сюжэтных ліній твора, але і глыбокі істотны жыццёвы сэнс, закладзены ў яго аўтарам, адчуць жыццё герояў, іх перажыванні. Таму неабходна прадумаць для гутаркі пытанні, якія актывізуюць аналітычную і эмацыянальную рэакцыю дзяцей, вучаць іх суперажыванню і спагадзе.

     Неабходна ажыццяўляць знаёмства дзяцей і з паэтычнымі творамі. Важна дапамагчы дзіцяці пранікнуць у мастацкі сэнс верша, атрымаць

асалоду ад музыкі паэтычнага слова. На занятках трэба садзейнічаць

запамінанню вершаваных радкоў. У далейшым, у вольны ад заняткаў час, у памяці дзяцей замацоўваюцца вершы, вывучаныя на занятках, ажыццяўляецца работа над выразнасцю іх чытання.Пры гэтым работа вядзецца з адным або некалькімі дзецьмі.

     У дашкольнікаў важна фарміраваць уменне выразна і пранікнёна выконваць тэксты. Пры чытанні на памяць, пераказе, чытанні і пераказе па ролях неабходна фарміраваць навыкі выразнай перадачы зместу літаратурных твораў розных жанраў.

    Дзецям малодшага дашкольнага ўзросту вершы для завучвання неабходна падбіраць такім чынам, каб яны маглі іх лёгка запомніць. Для таго каб дзіця запомніла верш, яму трэба пачуць яго не менш як 3-4 разы.

      Таксама дашкольнікаў неабходна рыхтаваць да пераказу твора.

  Вялікую ўвагу пытанням навучання дзяцей пераказванню надавала      А.А. Флёрына. Яна разглядвала пераказ, як першы крок дзіцяці ў самастойным распавяданні, як творчую дзейнасць, якая ўзбагачае маўленне новымі спосабамі выразнасці.

   Заняткі па пераказу літаратурных твораў праводзяцца ўжо з малодшымі дзецьмі. Іх трэба рыхтаваць да самастойнага пераказвання, вучыць аднаўляць змест вядомых казак і кароткіх апавяданняў, браць удзел у сумесным з выхавальнікам пераказе.

   Для пераказвання  падбіраюцца празаічныя творы – казкі, апавяданні, звязаныя з вопытам дзяцей, якія маюць выхаваўчае значэнне, якія ўяўляюць сабой узоры дзіцячай мастацкай літаратуры, творы з выразнай кампазіцыяй, паслядоўнасцю дзеянняў. Яны павінны быць напісаны ўзорнай мовай з даступным дзецям слоўнікам без складаных граматычных форм, кароткімі, выразнымі фразамі. Пажадана, каб у творы былі дыялогі, якія спрыяюць фарміраванню выразнасці маўлення дзяцей. Гэтым умовам асабліва адпавядаюць народныя казкі, дзе багата дыялогаў, дзе ўвагу дзяцей прыцягваюць спецыяльныя народныя або казачныя абароты (высока сядзіць, далёка глядзіць). Такім чынам, паўнацэнны выхаваўчы змест, даступнасць, выразная кампазіцыя, простая, але багатая мова, невялікі аб’ём – вось тыя патрабаванні, якія трэба ставіць да літаратурных твораў для пераказвання.

    Дзяцей малодшага ўзросту на занятках па азнаямленню з мастацкай літаратурай неабходна вучыць сачыць за развіццём дзеяння ў казцы, апавяданні, спачуваць пазітыўным героям і паступова падводзіць іх да аднаўлення тэксту. Дзеці пераказваюць праслуханы твор, адказваючы на пытанні выхавальніка. Правільна пастаўленыя пытанні вызначаюць паўнату і паслядоўнасць перадачы дзецьмі прачытанага. Дзяцей таксама можна далучаць да сумеснага пераказу з выхавальнікам, заахвочваючы да вымаўлення асобных слоў або сказаў пры паўторным расказванні казкі выхавальнікам.

     Такім чынам, выхавальнік рыхтуе дзяцей да самастойнага пераказу. Мастацкая адукацыя дзяцей ажыццяўляецца не толькі ў працэсе заняткаў, але і ў вольны ад заняткаў час. 

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

  1. Дубініна, Дз. М. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе: Дапам. для педагог. дашк. устаноў/ Дз. М. Дубініна, Н. С. Старжынская. – Мінск: Нар. асвета, 1999. – 103 с.
  2. Запорожец, А. В. Психология восприятия ребёнком-дошкольником литературного произведения. Избр. психол. труды: В 2 т. Т. 1. /А. В. Запорожец. – М., 1986. – с. 72-73.
  3. Марціновіч, Л. С. Сцяжынка/ Л. С. Марціновіч, Т. У. Юрэвіч, Л. У. Іўліева. – Мінск: Народная асвета, 1994. – 319 с.
  4. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі/ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінс: Нац. ін-т адукацыі, 2019. – 464с.
  5. Някрасава, Н. Дз. Дзеці і мір казак: дапаможнік для выхавацеляў дашк. устаноў: 2-е выд; перараб. і дап./Н. Дз. Някрасава, Р. В. Маісеенка. – Мінск: Зорны верасень, 2006 – 146 с.
  6. Рудзік, В. С. Планаванне работы па развіцці маўлення дашкольнікаў у вольны ад заняткаў час: дапаможнік для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі/ В. С. Рудзік. – Мазыр: ТАА ВД «Белы Вецер», 2005. – 100 с.

 

 

свернуть

Картатэка дыдактычных гульняў па развіццю маўлення

Картатэка дыдактычных гульняў па развіццю маўлення

Картатэка дыдактычных гульняў па развіццю маўлення

(Матэрыялы гульняў В. С. Рудзік, Т. І. Каравайчык, Н. С. Старжынскай, адаптаваныя да дзяцей малодшага ўзросту)

Гульні на выхаванне гукавой культуры маўлення

 Будзільнік

 Мэта: практыкаваць у правільным працяглым вымаўленні гуку [р]; развіваць мышцы языка, уменне дзейнічаць па сігнале выхавальніка дашкольнай адукацыі; замацоўваць артыкуляцыю гуку [р].

Матэрыял: цацка гадзіннік або малюнак з яго выявай.

Змест гульні

Выхавальнік прапануе адгадаць загадкі:

 Днём і ноччу я іду,

Ранкам вас не падвяду.

Нават тых, хто моцна спіць,

Здольны хутка разбудзіць.

Ног няма, я хаджу,

Рота няма, я скажу,

Калі спаць, калі ўставаць,

Калі работу пачынаць.

Дзеці сядзяць на стульчыках і робяць выгляд, што спяць. Адзін з дзяцей – «будзільнік». Выхавальнік дашкольнай адукацыі гаворыць, калі трэба ўсіх разбудзіць, і пачынае марудна, нават напеўна лічыць. Калі прагучыць запланаваны лік, «будзільнік» пачынае вымаўляць: «Р-р-р…»

Пільшчыкі

Мэта: замацоўваць вымаўленне гука [з]; вучыць пераймаць рухі.

Матэрыял: малюнак з выявай людзей, якія пілуюць бервяно.

Змест гульні

Дзеці становяцца парамі адзін супраць другога, злучаюць правыя рукі і імітуюць рухі людзей, якія пілуюць бервяно. Пры гэтым яны вымаўляюць

гук[з].

Гэту гульню можна выкарыстоўваць для замацавання вымаўлення

гука ж.

  

Пчолы і камары

Мэта: дыферэнцыраваць гукі [з]-[ж], практыкаваць у працяглым іх вымаўленні.

Матэрыял: медальёны з выявай камароў і пчолаў.

Змест гульні

Зараз мы пойдзем на прагулку ў лес. Цудоўна там, вось толькі камары перашкаджаюць. Лётаюць вакол цябе і звіняць: з-з-з-з-з-з… Як яны звіняць? (З-з-з-з…)

– Галінкамі адгонім камароў і пойдзем далей. А навокал шмат прыгожых кветак! Пчолы лётаюць, збіраюць мёд і размаўляюць паміж сабой: ж-ж-ж-ж… Як яны размаўляюць? (Ж-ж-ж-ж…)

– А зараз давайце пагуляем, паспрабуем сябе ўявіць камарамі і пчолкамі.

Дзеці дзеляцца на дзве групы: «Камары» і «Пчолы». Па сігнале вядучага вылятаюць «камары»: «З-з-з-з…», потым «пчолы»: «Ж-ж-ж-ж…» Далей дзеці мяняюцца ролямі і гульня працягваецца.

Ліса

Мэта: замацоўваць вымаўленне гука [с]. Развіваць спрытнасць, хуткасць.

Матэрыял: шапачка-маска лісы.

Змест гульні

Дзіця, якое няправільна вымаўляе гук [с], выбіраецца «лісой». Астатнія дзеці – «зайцы». «Ліса» ціхенька крадзецца за «зайцамі», прыгаворваючы:

Я ліса, лісіца, ліска,

Вельмі зайчыкаў люблю

Падбяруся блізка-блізка

І за хвосцік учаплю.

    Пры гэтых словах «зайцы» разбягаюцца, а «ліса» ловіць іх. Той, каго злавілі, становіцца «лісой».

Сонейка і дожджык

Мэта: дыферэнцыраваць гукі [с]–[з]–[ш] у словах і тэксце; развіваць моўны слых, моўнае дыханне.

Матэрыял: контурныя выявы сонейка і хмаркі з кардону.

Змест гульні

Дзеці сядзяць на крэселках і выглядаюць у «акенцы».

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: На небе сонейка, можна ісці гуляць. (Паказвае «сонейка».)

Дзеці выконваюць розныя рухі: падскокі, бег, хадзьба па пакоі (пляцоўцы) са словамі:

Сонейка свеціць (абводзяць рукамі круг).

Птушкі спяваюць(імітуюць палёт птушак.)

З песняю дзеці разам гуляюць.

На сігнал «Дожджык! Хутчэй дамоў!» усе стараюцца заняць свой «домік», прыгаворваючы:

Дожджык, дожджык, ты ўсё ідзеш,

Пагуляць нам не даеш.

Гульня паўтараецца па жаданні дзяцей.

Мухі ў павуціне

Мэта: замацоўваць вымаўленне гука [ж]. Выхоўваць спрытнасць, хуткасць рэакцыі.

Матэрыял: медальёны з выявай мухаў, павуціны.

Змест гульні

Загадка

Цэлы дзень лятаю,

Усім дакучаю.

А ноч настае,

Тады адпачываю.

(Муха.)

Частка гульцоў стаіць у коле, апусціўшы рукі – гэта «павуціна».Астатнія дзеці  – «мухі». Яны гудуць ж-ж-ж, ж-ж-ж, «залятаючы» ў кола і «вылятаючы» з яго. Па сігналу выхавальніка дзеці, якія стаяць у коле, бяруцца за рукі. «Мухі», што не паспелі выбегчы з круга, пападаюць у «павуціну» і выбываюць з гульні. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль усе «мухі» не будуць злоўлены.

 Прагулка на веласіпедах

Мэта: дыферэнцыраваць гукі [с]–[ш].

Матэрыял: малюнак з выявай веласіпеда

Змест гульні

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Дзеці, вам падабаецца катацца на веласіпедах? Я таксама люблю такія прагулкі. Але перш чым адправіцца ў дарогу, трэба праверыць колы. Так, пярэдняе кола трэба абавязкова падкачаць, паслухайце, як праз маленькую, нават не заўважыш, дзірачку праходзіць паветра:ш-ш-ш…

– З якім гукам выходзіць паветра з шыны? (Ш-ш-ш…)

– Праверце колы на сваіх веласіпедах і давайце іх падкачаем. Насос у нас адзін, таму будзем яго перадаваць па чарзе. Паслухайце, як працуе насос: с-с-с… Як ён працуе? (С-с-с…)

– А як выходзіла паветра з шыны? (Ш-ш-ш…)

– Вось, усё ў парадку, можам адпраўляцца ў лес, на луг… Куды жадаеце паехаць?

Пры вымаўленні гукаў [с], [ш] можна звярнуць увагу на артыкуляцыю.

 

Адгадай па гуку

Мэта: замацоўваць вымаўленне розных гукаў. Выхоўваць слыхавую ўвагу.

Матэрыял: малюнкі цягніка, гадзінніка, барабана, званочка, дудачкі.

Змест гульні

Дзецям раздаюцца малюнкі цягніка, гадзінніка, барабана, званочка, дудачкі. Пры гэтым выхавальнік дашкольнай адукацыі улічвае, вымаўленне якога гука каму трэба адпрацоўваць. Дзеці па чарзе, не называючы прадмета на малюнку, імітуюць яго гучанне. Так, дзіця, атрымаўшы малюнак гадзінніка, выразна вымаўляе: цік-так, цік-так. Той, хто трымае малюнак званочка, імітуе яго гучанне: дзінь-дзінь-дзінь. У каго аказаўся малюнак цягніка, вымаўляе: чух-чух-чух і г.д. Астатнія дзеці адгадваюць, які прадмет так гучыць.

Верабейчыкі

Мэта: аўтаматызаваць гук [ч] у складах; практыкаваць у гукаперайманні, інтанацыйнай выразнасці мовы.

Матэрыял: медальёны з выявай верабейчыкаў.

Змест гульні

Дзеці («верабейчыкі») сядзяць на крэселках (у «гняздзечках») з заплюшчанымі вачамі – «спяць».

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: У гняздзечках верабейчыкі жывуць,

Рана-раненька ўстаюць.

Дзеці адкрываюць вочкі і спяваюць:

– Чырык-чык-чык,

Чырык-чык-чык!

Выхавальнік (дагаворвае). Весела спяваюць.

Пасля апошніх слоў дзеці бегаюць па пакоі (пляцоўцы). На словы выхавальніка «У гняздзечкі паляцелі!» дзеці вяртаюцца на сваё месца.

 

Прагны кот

Мэта: вучыць дыферэнцыраваць гукі [ж]–[ш] пры вымаўленні. Развіваць спрытнасць, хуткасць рэакцыі.

Матэрыял: шапачка маска ката.

Змест гульні

З дапамогай лічылкі выбіраецца вядучы – «кот», астатнія дзеці – «мышкі». «Кот» сядае ў куточак і вымаўляе: «Я страшэнна прагны кот, усіх мышэй лаўлю – і ў рот!»

«Мышкі» праходзяць міма «ката» і спалохана шэпчуць: «Цішэй, цішэй, кот усё бліжэй, бліжэй». Дзеці двойчы вымаўляюць гэтыя словы.

Пасля апошніх слоў «кот» пачынае лавіць «мышэй». Той хто папаўся, становіцца «катом». Гульня працягваецца.

 

Вароны

Мэта: аўтаматызаваць гук [р] у словах, фразах.

Матэрыял: медальёны з выявай вароны, сабакі; елачка.

Змест гульні

Выхавальнік дашкольнай адукацыі дзеліць дзяцей на дзве групы: «Вароны» і «Сабакі». «Вароны» становяцца ў круг вакол елачкі.

Дзеці («сабакі») сядзяць на крэселках (у «будках») з  заплюшчанымі вача-

мі – «спяць».

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Як пад елачкай зялёнай скачуць, каркаюць вароны.

«Вароны». Кар-кар-кар…

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Яны з-за коркі паспрачаліся, на ўсю глотку раскрычаліся.

«Вароны». Кар-кар-кар…

Выхавальнік дашкольнай адукацыі:Вось сабакі прыбягаюць і вароны адлятаюць, выбягаюць «сабакі», вымаўляюць: «р-р-р…», бягуць за «варонамі», якія «ляцяць» у сваё гняздо.

Гульня працягваецца, пакуль на застанецца 2-3 «вароны».

Затым дзеці мяняюцца ролямі.

Жабяняткі

Мэта: практыкаваць у вымаўленні гуку [к] у спалучэнні з наступным зычным (ква); вучыць выконваць дзеянні па сігнале вядучага.

Матэрыял: медальёны з выявай жабянят.

Змест гульні

На падлозе шнурком вылажаны круг, у крузе – абручы-«купіны». За кожнай «купінай» сядзіць жабяня. «Купін» менш на адну за колькасць дзяцей.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі:          Вось жабяняткі па дарожцы

Скачуць, выцягнуўшы ножкі.

Ква-ква-ква,

Скачуць, выцягнуўшы ножкі. (Жабяняты скачуць вакол «купін» і квакаюць.)

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Вось з вадзіцы на купіну выскачылі жабяняткі ды за мошкамі прыг-скок. Пасля гэтых слоў «жабяняткі» хаваюцца за «купіны».

Гульня паўтараецца некалькі разоў.

  

Гульні на фарміраванне граматычнага ладу мовы 

Хто што робіць?        

Мэта: практыкаваць у словаўтварэнні; знаёміць з назвамі і асаблівасцямі прафесій; развіваць уменне адказваць на пытанні.

Матэрыял: карцінкі з выявамі людзей канкрэтнай прафесіі: мастака, повара, урача, швачкі, прадаўца.

Змест гульні

Выхавальнік прапаноўвае разгледзець карцінку, назваць прафесію і занятак яе прадстаўнікоў.

– Што робіць повар (мастак, урач, швачка, прадавец)?

Мастак – малюе, повар – варыць, урач – лечыць, швачка – шые, прадавец – прадае.

Для актывізацыі увагі, моўнай дзейнасці можна ўвесці «ўзнагароды».

 

Хто што ўмее рабіць?

Мэта: вучыць называць дзеясловы, якія абазначаюць характэрныя дзеянні жывёл.

Матэрыял: карцінкі з выявамі жывёл: кошка, сабака, лягушка, качка, певень.

Змест гульні

Дзеці сядзяць групамі па 3-4 чалавекі. На сталах карцінкі.

Адзін за адным дзеці паднімаюць карцінку, называюць яе і дзеянні, якія можа выконваць жывая істота.

Лягушка – квакае, прыгае.

Кошка – мяўкае, ловіць мышэй.

Сабака – брэша, грызе косці, вартуе дом, бегае.

Качка – кракае, плавае, ходзіць.

Певень – кукарэкае, б’ецца.

 

Хто ў каго?    

Мэта: вучыць суадносіць назвы жывёл і іх дзіцянят у адзіночным і множным ліках.

Матэрыял: карцінкі з выявамі жывёл з дзіцянятамі: курыца з куранятамі, кошка з кацянятамі, сабака са шчанятамі, карова з цялём.

Змест гульні

Выхавальнік прапнуе дзецям разгледзець карцінкі і назваць жывёл і іх дзіцянят.

– Якая курыца (кураняты)? (Дзеці апісваюць курыцу і куранят.)

Выхавальнік пачыные, дзеці дагаворваюць:

У курыцы – … (кураня).

У кошкі – … (кацяня).

У сабакі – … (шчаня).

У каровы – … (цяля).

 

Хованкі

Мэта: практыкаваць у правільным выкарыстанні прыназоўнікаў у, над, за, на, пад, каля.

Матэрыял: фланэлеграф, фігуркі мышкі, вожыка, лісы, сарокі.

Змест гульні

Пасля прапановы пагуляць выхавальнік расказвае і паступова выстаўляе на фланэлеграфе контуры лясных жыхароў:

– Аднойчы ў лесе паспрачаліся воўк з мядзведзем. Ды так разышліся, што напалохалі ўсіх жыхароў лесу. Зверы пахаваліся хто куды. Напалохаўшыся, мышка схавалася ў нару, вожык – за куст, сарока – на дрэве…

– Дзе схавалася сарока? ліса? мышка? Дзе вожык?

Дзеці дапаўняюць свае адказы выстаўленнем фігур персанажаў на фланэлеграфе. Выхавальнік звяртае ўвагу на памылкі ў адказах дзяцей і прапануе самім выправіць іх.

 

Куды што пакладзём?

Мэта: практыкаваць дзяцей у правільным словаўтварэнні; актывізаваць слоўнікавы запас.

Матэрыял: мяч, карцінкі з выявамі прадуктаў і посуду.

Змест гульні

Выхавальнік. Алеся прыйшла з магазіна і раскладвае прадукты. Давайце дапаможам дзяўчынцы. Хлеб мы пакладзём … (Кідае мяч аднаму з дзяцей, і той дагаворвае: «У хлебніцу».)

– Алеся купіла цукар і пакладзе яго ў … (цукарніцу).

– Алеся купіла масла і пакладзе яго ў … (масленіцу.)

– Алеся купіла цукеркі і пакладзе іх ў … (цукерніцу).

– Алеся купіла сухары і пакладзе іх ў … (сухарніцу.)

– Алеся купіла селядзец і пакладзе яго ў … (селядзечніцу).

– Алеся купіла соль і пакладзе яе ў … (сальніцу.)

У выпадку не правільных адказаў выхавальнік кідае мяч другому дзіцяці.

Выкарыстоўваючы карцінкі, дзеці могуць падбіраць пары прадметаў як індывідуальна, так і ў парах. 

 

Знайдзі гаспадара

Мэта: вучыць выкарыстоўваць у актыўнай мове прыналежныя прыметнікі (татаў гадзіннік, матуліна сумка, братаў матацыкл, бабуліны акуляры, дзядулеў пінжак); развіваць уменне разважаць.

Матэрыял: сюжэтная карцінка з выявай сям’і, прадметныя карцінкі (гадзіннік, сумка, матацыкл, акуляры, адзенне).

Змест гульні

Дзецям прапануецца разгледзець сюжэтную карцінку «Сям’я» і расказаць пра яе змест. Пасля гутаркі яны вібіраюць з прадметных карцінак тую, якая можа належыць бабулі, матулі, тату, брату, назваць яе: татаў гадзіннік, матуліна сумка, братаў матацыкл, бабуліны акуляры, дзядулеў пінжак.

 

Чаго не стала?

Мэта: практыкаваць ва ўжыванні назоўнікаў адзіночнага і множнага ліку ў родным склоне, правільна дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў.

Матэрыял: малюнкі розных прадметаў у адзіночным і множным ліку, прадметы,цацкі.

Змест гульні

Дзеці называюць прадметы, цацкі, малюнкі, які размешчаны на стале ў выхавальніка. Затым ён прапануе дзецям заплюшчыць вочы і апусціць галаву, а сам прымае адзін-два аднародныя прадметы (малюнкі).

– Чаго не стала? (Не стала бярозак (алоўкаў).

– Каго не стала? (Не стала мядзведзяў (дзяўчынак, людзей, куранят).

– Чаго не стала? (Не стала машынкі (мячыка, дудкі).

– Каго не стала? (Не стала дзяўчынкі (хлопчыка).

 

Чаго не хапае?

Мэта: практыкаваць ва ўжыванні назваў адзення ў родным склоне; актывізаваць слоўнікавы запас.

Матэрыял: прадметныя малюнкі адзення.

Змест гульні

Выхавальнік прапнуе сюжэт: «На дварэ зіма, мароз. Дзяўчынка Алеся пачала збірацца на прагулку. Яна падрыхтавала надзець толькі шалік. Чаго ёй не хапае?»

– Алесі не хапае … (паліто).

– Алесі не хапае … (шапкі).

– Алесі не хапае … (калготак).

– Алесі не хапае … (рэйтузаў).

– Алесі не хапае … (світэра).

– Алесі не хапае … (ботаў).

– Алесі не хапае … (рукавічак).

У выпадку няправільных адказаў, выхавальнік папраўляе дзіця і просіць яго паўтарыць правільны адказ.

 

Скажы ласкава

Мэта: практыкаваць дзяцей ва ўтварэнні слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Матэрыял: мяч.

Змест гульні

Выхавацель называе слова, а той, каму ён кіне мяч, скажа ў адказ ласкавае слова.

Слоўны матэрял для гульні:

Спіна – спінка

Жывот – жывоцік

Вочы – вочкі

Шчокі – шчочкі

Рот – роцік (раток)

Зуб – зубок (зубік)

Нос – носік

Лоб – лобік

Вуха – вушка

Рука – ручка

Галава – галоўка

Нага – ножка

Палец – пальчык.

 

Адкажы хутка

Мэта: практыкаваць у правільным дапасаванні прыметнікаў да назоўнікаў.

Матэрыял: мяч.

Змест гульні

Выхавацель кідае аднаму з дзяцей мяч і называе прыметнік, напрыклад «вялікі». Дзіця павінна хутка назваць назоўнік, напрыклад «стол», і кінуць мяч назад.

Варыянты прыметнікаў і назоўнікаў:

новая (сукенка)

прыгожая (кветка)

салодкая (цукерка)

кіслы (лімон). 

 

Гульні па развіцці звязнага маўлення

Вы пытайцеся – мы адкажам

Мэта: замацоўваць уменні задаваць пытанні і адказваць на іх; развіваць культуру маўлення.

Матэрыял: мячык, званочак.

Змест гульні

Дзеці падзяляюцца на дзе каманды, прыдумваюць ім назвы, напрыклад, «Бульбінкі» і «Каласок». Удзельнікі адной каманды задаюць пытанні (Куды ты хадзіў учора? Што ты любіш есці? Якія гульні любіш? Якую казку ты чытаеш? І да т.п.), члены другой – хутка адказваюць. Мячык дзеці перакідваюць адзін аднаму, задаюць пытанні і адказваюць на іх. Калі хто з дзяцей затрымліваецца з пытаннем або адказам ці паўтарае пытанне, выхавацель звоніць у званочак. Гэта азначае, што гулец павінен вярнуць мячык.

Варыянт: гульня праводзіцца ў коле (без падзелу на каманды). Тады ўсе дзеці павінны быць гатовымі задаваць пытанні і адказваць на іх. Можна выбраць вядучым дзіця, якое дало поўны і дакладны адказ на пытанне. Вядучы будзе задаваць пытанні астатнім дзецям.

Варыянт: гульня праводзіцца ў коле. Выхавальнік задае дзіцяці пытанне, кідаючы мяч, а дзіця ловяць мяч і адказвае на яго. Кожнае дзіця павінна быць гатовым адказваць на пытанне выхавальніка, які стаіць у сярэдзіне кола.

Адгадай, што мы задумалі

Мэта: развіваць звязнае маўленне, мысленне, увагу, самастойнасць

Змест гульні

Вядучы выходзіць за дзверы. Дзеці загадваюць прадмет. Вярнуўшыся, вядучы выслухоўвае дзяцей і называе, што было загадана. Спачатку дзеці называюць асобныя прыметы прадмета. Калі ж вядучаму цяжка адгадаць, расказваюць пра яго асаблівасці.

Хто больш убачыць?

Мэта: развіваць звязнае маўленне, увагу, кемлівасць.

Матэрыял: сюжэтны малюнак.

Змест гульні

Перад дзецьмі вывешаны малюнак. Вядучы пытае: «Што вы бачыце?». Дзеці па чарзе адказваюць. Кожны павінен быць уважлівым, слухаць таварыша і працягваць яго расказ, пры гэтым не паўтараць сказанае. Выйграе той, пасля каго ніхто нічога не можа сказаць. Выхавальнік падбірае малюнкіз такімі сюжэтамі, каб дзеці замацоўвалі веды, вызначаныя праграмай на пэўны адрэзак часу.

Лапатушкі

Мэта: развіваць інтанацыйна правільнае дыялагічнае маўленне.

Змест гульні

Для гульні падбіраюцца скорагаворкі, якія вымаўляюцца з пытальнай і сцвярджальнай інтанацыямі ў форме размовы паміж двума дзецьмі:

– Пайшоў Сёма лавіць сома? – Пайшоў Сёма лавіць сома.

– Соня спіць спакойна дома?  – Соня спіць спакойна дома.

Выкарыстоўваюцца і скорагаворкі, пабудаваныя на дыялогу:

– Ці маліну мылі вы? – Мылі, ды не мылілі.

– Ці лілі алей у рэдзьку, ці лілі? – Ты не цілілікай, Федзька, сам налі.

Знайдзі свайго таварыша

Мэта: развіваць звязнае маўленне, увагу.

Змест гульні

Адзін з дзяцей выходзіць з пакоя, астатнія дагаворваюцца, пра каго будуць расказваць. Дзіця ўваходзіць у пакой і пытаецца: «Ці не бачылі вы майго таварыша?» Па апісанні адзення ён адгадвае імя таго, пра каго расказваюць.

Паштальён прыносіць пісьмы

Мэта: развіваць звязнае маўленне, увагу.

Матэрыял: паштоўкі, на якіх адлюстраваны розныя поры года.

Змест гульні

Выбіраецца паштальён, які прыходзіць з сумкай і раздае дзецям паштоўкі. Дзеці не паказваюць іх адзін аднаму. Кожны расказвае, што адлюстравана на яго паштоўцы. Астатнія павінны здагадацца, якую пару года апісвае таварыш.

Прачытай пісьмо

Мэта: развіваць звязнае маўленне, мысленне.

Матэрыял: прадметныя або сюжэтныя малюнкі.

Змест гульні

Кожнаму дзіцяці даецца канверт, у якім знаходзіцца разрэзаны на часткі малюнак. Трэба дастаць «пісьмо», акуратна скласці яго і «прачытаць»: апісаць прадмет або скласці 2-3 сказы па малюнку.

  Адгадай па апісанню?

Мэта: развіваць звязнае маўленне, назіральнасць.

Матэрыял: прадметныя малюнкі: снегавікі, матылькі. Кожны з прадметаў мае аднолькавыя і розныя прыметы з астатнімі прыметамі групы.

Змест гульні

Выхавальнік паказвае малюнкі, напрыклад снегавікоў, і тлумачыць: «Перад вамі снегавікі. На першы погляд яны аднолькавыя. Але калі разгледзець іх уважліва, то можна заўважыць адрозненні. Зараз я буду вам расказваць пра аднаго з снегавікоў, а вы ўважліва слухайце і адкажаце на мае пытанні,а затым здагадаецеся, чый гэта снегавік?»

– Якога колеру вядро у снегавіка?

– Колькі гузікаў у снегавіка?

– Якога колеру нос у снегавіка?

– Што трымае снегавік у руцэ?

– Сумны ці вясёлы снегавік?

 

Гульні на пашырэнне, удакладненне і актывізацыю слоўніка

Пачастуем ляльку

Мэта: актыўна распазнаваць новыя словы па тэме: «Посуд».

Матэрыял: прадметы посуду: талеркі, лыжкі, відэльцы, цукарніца і г.д.

Змест гульні

Выхавацель аб’яўляе дзецям, што лялькі Алеся і Оля збіраюцца сустракаць гасцей. Трэба дапамагчы ім расставіць посуд. Віця ставіць талерачкі, Таня раскладвае лыжкі і відэльцы, Дзіма ставіць цукарніцу і г.д. Дзеці па аднаму выконваюць зададзеныя дзеянні, знаходзячы названыя прадметы посуду, напрыклад, у буфеце.

Чым частуем гасцей?

Мэта: узнаўляць словы з нагляднай падказкай па тэме: «Садавіна, агародніна».

Матэрыял: малюнкі з выявай садавіны, агародніны.

Змест гульні

Выхавацель называе некалькі відаў садавіны і агародніны і прапануе  дзецям выбраць адзін адказ. Але трэба, каб дзеці не механічна адказвалі, а матэвавана выбіралі адказ, як у рэальнай жыццёвай сітуацыі. Кожны раз выхавацель паказвае адпаведныя малюнкі.

Што надзенем ляльцы на прагулку?

Мэта: замацоўваць лексіку па тэмах: «Адзенне» і «Абутак».

Матэрыял: малюнкі з выявай адзення і абутку.

Змест гульні

Выхавацель паказвае некалькі відаў адзення і абутку і прапануе дзецям назваць іх. Затым дзіця выбірае той прадмет адзення ці абутку, які яму больш за ўсё спадабаўся і называе яго.

Хто што робіць?

Мэта: актывізаваць і папоўніць слоўнікавы запас дзяцей назвамі прафесій. Вучыць суадносіць дзеянні чалавека з яго прафесіяй.

Матэрыял: карцінкі з выявамі людзей канкрэтнай прафесіі: мастака, повара, урача, швачкі, прадаўца.

Змест гульні

Выхавальнік звяртаецца да дзяцей: «Вы ведаеце, што кожны чалавек у час працы выконвае пэўнае дзеянне. Я буду называць прафесію, а вы мне адкажаце, што робіць чалавек гэтай прафесіі».

– Што робіць повар (мастак, урач, швачка, прадавец)?

Мастак – малюе, повар – варыць, урач – лечыць, швачка – шые, прадавец – прадае.

Для актывізацыі увагі, моўнай дзейнасці можна ўвесці «ўзнагароды».

Што змянілася?

Мэта: выхоўваць увагу, кемлівасць; развіваць памяць, мову; актывізіраваць слоўнікавы запас.

Матэрыял: выявы герояў казкі «Калабок».

Змест гульні

На фланэлеграфе выхавацель размяшчае выявы герояў казкі. Дзеці называюць іх і запамінаюць парадак іх размяшчэння. Па сігналу выхавацеля: «Ноч» – дзеці заплюшчваюць вочы, «спяць». За гэты час выхавацель мяняе парадак размяшчэння відарысаў. Па сігналу: «Дзень» – дзеці расплюшчваюць вочы, уважліва глядзяць на фланэлеграф і называюць, якія там адбыліся змены.

Не памыліся

Мэта: актывізіраваць слоўнікавы запас, лагічнае мысленне, увагу, кемлівасць; замацоўваць веды пра дзікіх і свойскіх жывёл.

Матэрыял: мяч.

Змест гульні

Дзеці стаяць у крузе, а выхавальнік – па сярэдзіне. Выхавальнік называе дзікую ці свойскую жывёліну, кідае мяч. Той, хто мяч злавіў, павінен сказаць, дзе яна жыве: у лесе ці побач з чалавекам, чым харчуецца.

 

Назаві адным словам

Мэта: замацоўваць у мове дзяцей словы, што абазначаюць агульныя паняцці; актывізіраваць слоўнікавы запас; развіваць лагічнае мысленне, кемлівасць.

Матэрыял: карткі з выявамі прадметаў.

Змест гульні

Выхавацель выкладвае карткі з выявамі прадметаў. Дзеці разглядваюць іх, называюць намаляваныя прадметы. Затым выхавацель просіць назваць гэтыя прадметы адным словам. Наступныя заданні могуць быць такімі:

воўк, ліса, заяц… – дзікія жывёлы;

сабака, кот, каза… – свойскія жывёлы;

верабей, сарока, шпак… – птушкі;

курыца певень гусь… – свойскія птушкі;

елка, бяроза, рабіна… – дрэвы;

шалік, шапка, шуба… – адзенне;

муха, пчала, божая кароўка… – насякомыя;

шафа, стол, стул… – мэбля;

рамонак, дзьмухавец… – кветкі.

Каго не стала?

Мэта: выхаванне увагі, кемлівасці, развіццё памяці, актывізацыя слоўніка.

Матэрыял: выявы герояў казак: «Коцік, пеўнік і лісіца», «Калабок» і «Зайкава хатка».

Змест гульні

На фланэлеграфе выхавацель размяшчае выявы герояў казкі. Дзеці называюць іх і запамінаюць. Па сігналу выхавацеля дзеці заплюшчваюць вочы, а выхавацель убірае з фланэлеграфа якую-небудзь карцінку. Дзеці расплюшчваюць вочы і адгадваюць. Каго не стала з казачных герояў. Гульню можна паўтарыць некалькі разоў, хаваючы кожны раз іншых герояў казкі.

Хто ўвойдзе, няхай возьме

Мэта: замацоўваць веды пра матэрыял, з якога зроблены прадмет; актывізіраваць слоўнікавы запас; развіваць уважлівасць, кемлівасць.

Матэрыял: прадметы, зроблены з дрэва, пластмасы,гумы.

Змест гульні

Дзецям прануюць адшукаць у пакоі для гульні прадметы, зробленыя з дрэва, пластмасы, гумы.

Яны шукаюць прадмет, называюць яго, паведамляюць, з якога матэрыялу ён зроблены.

Раскладзі па велічыні

Мэта: актывізіраваць слоўнікавы запас; выпрацоўваць уменне параўноўваць прадметы па велічыні на вока або шляхам накладвання; развіваць увагу.

Матэрыял: фіругкі герояў казкі «Муха-пяюха».

Змест гульні

Дзеці разлядваюць плоскасныя фігуркі герояў казкі, параўноўваюць іх і раскладваюць па велічыні ў радок: хто за каго большы.

Напрыклад: воўк, заяц, вавёрка, жабка, мышка, муха. Затым дзеці расказваюць, чаму яны так размясцілі гарояў казкі.

Прыдумай слоўца або адкажы: «Які?..»

Мэта: абагачаць слоўнікавы запас прыметнікамі; развіваць кемлівасць, мысленне, мову.

Матэрыял: прадметныя карцінкі.

Змест гульні

Выхавацель паказвае дзецям прадметную карцінку, просіць назваць яе і падабраць словы, якія дапамогуць адказаць на пытанне: «Які гэта прадмет?»

Напрыклад:

– Ліса якая? (Хітрая, рыжая…).

– Мядзведзь які? (Касалапы, вялікі…).

– Заяц які? (Малы, даўгавухі…).

свернуть

Канспекты заняткаў з выкарыстаннем мастацкага твора

Адукацыйная галіна "Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін"

Тэма: «Пераказ беларускай народнай казкі «Курачка Рабка» (апрацоўка А. Якімовіча).

Праграмны змест: развіваць уменне ўспрымаць тэкст, рыхтаваць дзяцей да яго ўзнаўлення; пашыраць слоўнік за кошт слоў, якія абазначаюць дзеянні і прыметы прадмета; практыкаваць у правільным вымаўленні галосных і зычных гукаў у гукапераймальных словах.

Матэрыял: пласкасныя фігуры курачак, персанажы настольнага тэатра для інсцыніроўкі казкі.

Ход занятка

(Прыходзіць бабуля, вітаецца, запрашае дзяцей у госці.)

Б.: Жыву я, дзеткі, далёка, таму паедзем на цягніку (дзеці выконваюць імітацыйныя рухі ў адпаведнасці з тэкстам верша).

Цягнік імчыцца, грукае:

Чух-чух-чух-чух.

Сэрца моцна стукае:

Тук-тук-тук-тук.

Хату хутка мы ўбачым

Там-там-там-там,

А бабуля ўсміхнецца

Нам-нам-нам-нам!

Б.: Вось мы і прыехалі. Гэта мая хата. Ды і курачкі мае нас сустракаюць. (Паказвае на пласкасныя фігуры курачак). Трэба іх пакарміць. (Бабуля разам з дзецьмі сыпле ў міску зярняты). Паглядзіце, як яны дзяўбуць іх! Чым дзяўбуць курачкі зярняткі? Курачкі дзяўбуць зярняты дзюбай. Якога колера пер’е ў іх? Гэтая курачка беленькая. А вось гэта – шэранькая. А вось тая – рабая.

Б.: Давайце зараз пагуляем. Вы ўсе пераўтворыцеся ў курачак.

Б.: Куркі! Куркі!

Дз.: Ко-ка! Ко-ка!

Б.: Не хадзіце ў лес далёка!

Бо жыве ў лесе ліс,

Шмат ён курачак загрыз,

А загінуць куркі ўсе,

Хто яечак нам знясе?

Кажуць куркі:

Дз.: Ко-ка! Ко-ка!

Не адыдземся далёка! (Прыселі імітуюць, як дзяўбуць куры).

Гульня паўтараецца некалькі разоў.

Б.: Пра маю курачку рабку складзена казка. Вы яе ўжо чулі. Паслухайце гэту казку яшчэ раз. Цяпер я буду бабуляй-казачніцай.

(Бабуля, выкарыстоўваючы фігуркі настольнага тэатра, расказвае казку  «Курачка Рабка»).

Б.: Ці спадабалася казка? Пра што расказваецца ў казцы? Чаму плакалі дзед і баба? Што ім адказала мышка? Давайце раскажам гэту казку разам: «Жыў дзед, жыла … (бабка). Была ў іх… » і г. д.

(Затым бабуля частуе дзяцей аладкамі і яны едуць назад у садок.)

 Адукацыйная галіна "Дзіця і прырода"

 Тэма: «Нашы маленькія сябры».

Праграмны змест: знаёміць дзяцей з птушкамі бліжэйшага акружэння; фарміраваць элементарныя ўяўленні аб жыцці птушак ў зімовы перыяд; пабуджаць дзяцей уключацца ў дыялог з дарослым, у чытанне верша, адказваць на пытанні, ініцыятыўна выказвацца; выхоўваць увагу і клапатліввыя адносіны да ўсяго жывога.

Матэрыял: аўдыёзапіс з галасамі птушак, карцінкі з выявамі птушак.

 Ход занятка

Выхавальнік дашкольнай адукацыі прапануе дзецям зручна размясціцца на дыване, можна заплюшчыць вочы. Ціха гучыць запіс галасоў птушак.

В.: Што вы чуеце? Чые гэта галасы? (Птушак). Што робяць птушкі? (Пяюць, шчабечуць). Ці чулі вы галасы птушак цяпер на нашай пляцоўцы? (Не). Як вы думаеце, чаму? (На вуліцы зіма). Зімой на вуліцы цёпла ці холадна? Якіх птушак вы бачылі на галінках дрэў? Так, снегіроў, сінічак. (Паказвае карцінкі з выявамі птушак). Ці лёгка птушкам знайсці корм у гэты час?

В.: Мы можам дапамагчы птушкам. У мяне ёсць зярняткі. Вось насыплем іх ў кармушку. А калі пойдзем на прагулку, павесім яе на галінку дрэўца. Няхай ядуць птушачкі.

Нашы сябры

Снегіры, сінічкі!                                 Не ляціце ў бары,

Сыплю вам пшанічкі,                        А жывіце ў двары

Крупак, крошак хлеба,                     Да вясновае пары.

Вам жа мала трэба!                         Вось для вас кармушкі,

Ешце, любыя сябры!                        Птушкі-шчабятушкі!

Нашы весялушкі!

Станіслаў Шушкевіч

Гульня «Сінічка»

Дзеці стаяць у крузе. Адно дзіця – «сінічка». «Сінічка» ўлятае ў круг і вымаўляе: «ць-ць-ць». Дзеці гавораць:

– Сінічка, сінічка,

Птушка-невялічка!

Дзе ты была?

Дзе ты жыла?

Сінічка адказвае:

– Я сядзела па кустах,

Я лятала па садах –

Ць-ць-ць.

На словы «сядзела па кустах» і «лятала па садах» сінічка робіць адпаведныя рухі. Вымаўляючы «ць-ць-ць», вылятае з круга.

Гульня «Пазнай па апісанні»

Выхавальнік дашкольнай адукацыі апісвае птушку, а дзеці павінны пазнаць яе, назваць і паказаць на малюнку.

Адукацыйная галіна "Дзіця і прырода"

Тэма: «Што расце на градзе?»

Праграмны змест: даць дзецям уяўленне пра агародніну; вучыць пазнаваць і адрозніваць моркву, рэпу, капусту, памідоры, цыбулю, буракі, бульбу; вызначыць агародніну па смаку, успомніць з дзецьмі знаёмую казку і прыняць удзел у яе інсцыніраванні.

Матэрыял: кошык, агародніна: морква, рэпа, капуста, памідоры, цыбуля, буракі, бульба.

 Ход занятка

Дзеці заходзяць у групавы пакой і заўважаюць дзеда (перапранутага памочніка выхавальніка), вітаюцца.

В.: Добры дзень, дзядуля. Што ж ты тут робіш?

Дзед: Вось, на агарод хадзіў. Увесну я пасадзіў там рэпку. Яна ўсё лета расла расла ды і вырасла, хацеў выцягнуць яе, але ў мяне нічога не атрымалася.

В.: Дзядуля, не хвалюйся. Мы табе дапаможам. Вось толькі пакажы, што гэта ў цябе ў кошыку?

Дзед: Усё гэта я нарваў на градзе. Вось паглядзіце, што гэта, дзеці? (Морква). Якога яна колеру? (Аранжавая). Якой формы? (Вялікая, доўгая).  Яна вельмі смачная, салодкая. Перад ядой яе абавязкова трэба добра мыць. Дзед: Што яшчэ ляжыць у мяне ў кошыку, паспрабуйце адгадаць.

Загадка

Целам доўгі і зялёны,

Вельмі смачны я салёны,

Проста так мяне ядуць

І ў салат мяне кладуць.

Кажуць людзі незнарок

Вельмі смачны… (агурок).

(Дзед паказвае дзецям агурок).

В.: Якога колеру агурок? Якой формы?

Дзед:Сакавіты, круглаваты,

Здаравяка гэты.

Нам патрэбен на салаты і на вінегрэты. (Бурак).

(Паказвае бурак).

В.: Якога ён колеру? Якой формы?

Вось бабуля важна села

І глядзіць навокал смела.

У зямлю схавала лапаць,

Як зачэпіш – будзеш плакаць.

Гэта злосная бабуля

Называецца… (цыбуля).

(Паказвае цыбулю).

В.: Якога яна колеру? Якой формы?

У агорадзе быццам мячык,

Толькі нешта ён не скача.

А на ім не пералічыш –

Шмат зялёненькіх спаднічак.

Апранута густа-густа,

А завецца ён… (капуста).

(Паказвае капусту).

В.: Якога яна колеру? Якой формы?

В.: Дзеці, усё гэта: агурок,  памідор,  цыбуля,  бульба,  морква – агародніна. Агародніна расце на градцы ў агародзе.

В.: Дзядуля, ты многа сабраў агародніны.

Дзед: Сапраўды, цудоўная агародніна вырасла на маім агародзе. Вось бяда толькі, рэпку не змог вырваць, бо яна вырасла вельмі вялікая. (Паказвае на выразаную з кардону рэпу).Сама ў зямлі расла, а лісцікі над зямлёю. Вось зараз яшчэ паспрабую пацягнуць за лісцікі, можа выцягну.

В.: Дзед цягне-цягне, а выцягнуць не можа. Кліча бабку. (дзіцяці надзяваецца шапачка ці павязваецца хустка. Яно становіцца ўдзельнікам інсцэніроўкі. Падзяляюцца і іншыя ролі. Дзеці разам з дарослым успамінаюць казку і прагаворваюць яе словы па ролях. Пасля таго, як выцягнулі рэпку, дзед дзякуе за дапамогу і прапануе дзецям памыць рукі і частуе іх агароднінай. Пачастунак дзеці павінны адгадаць).

Гульня «Пазанай па смаку».

свернуть

Вучым вершы і чытаем вершы на беларускай мове

Якуб Колас

Дзед Мароз

Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.

Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.

Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!

Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.

Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.

 

  • На рэчцы зімою

    Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
    Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
    – Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.
    – Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?
    Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,
    Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.
    – Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся
    Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.
    Радасць і раздолле хлопчыку малому
    І не пазайздросціць ён цяпер нікому!
    На плячо – сякерку, саначкі – у руку,
    Хлеба ўзяў акрайчык. – Цюцік! – свіснуў Жуку.
    Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты,
    Працякала рэчка скрозь лясныя шаты.
    Побач той рачулкі кучы буралому,
    І застыла рэчка мёртва, нерухома.
    – Эй ты, лёд-гвалтоўнік! Што ты вытвараеш?!
    Ты нашто вадзіцу крыўдзіш, ушчуваеш?
    Дам ёй ход, дарогу, каб на свет зірнула!
    І яго сякерка спрытна секанула.
    Звякае сякерка, глуха стук нясецца.
    Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца.
    Коціцца вадзіца, іней падымае
    Ды такую казку-байку хлопцу бае!
    На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву.
    Ну ж і пацяшаўся хлопчык тут на славу!

Максім Танк

Ехаў казачнік Бай

— Ехаў казачнік Бай
Цераз сёлы і гай.
Баіць ці не?
— Бай!

— Ён пытаўся ў мяне:
— Што даць дзецям у сне? —
Баіць ці не?
— Бай!

— Я прасіў: дзецям дай
Казку-песеньку, Бай!
Баіць ці не?
— Бай!

— А найлепшую з іх
Дам для самых малых.
Баіць ці не?
— Бай!

Тым хто любіць мяне
І хто першы засне. —
Баіць ці не?
— Не!

Ірынка

Ірынцы спадабалася
Цудоўная вясна.
Як восені даждалася,
Пайшла прасіць яна,

Прасіць нябёс ня хмарыцца,
Вятроў — не галасіць,
Срабрыстых росаў раніцай
На травах не гасіць;

Каб сонейка высокае
Свяціла на палі,
А кветкі сінявокія
Зноў на лугах цвілі;

Прасіць сям'ю крылатую
З лясоў не адлятаць,
Бярозку расахатую
Лістоў не атрасаць...

Прасіла яна шчыра так,
Прасіла ўсю зіму,
І мo вясна аж з выраю
Вярнулася таму.

Вярнулася, пяе ізноў
З бярозкай над ракой,
Пяе сярод дуброў, лугоў
З Ірынкаю малой.

свернуть

Гучы, гучы, родная мова

  

     Радзіма для чалавека – самае дарагое і святое, без яе ён перастае быць асобаю. Чалавек магутны любоўю да роднай зямлі. Гэтае пачуццё акрыляе і ўзносіць яго, робіць непераможным. Любоў да Радзімы – гэта веданне мінулага свайго народа – яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, яго герояў, мысліцеляў, вялікіх майстроў, помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры.

    У кожнай краіны, нават самай маленькай, ёсць свая мова, свая гісторыя, свая культура.  Наш народ і наша краіна не выключэнне. У нас багатая гісторыя, самабытная культура, прыгожая і мілагучная мова.

Таму перад выхавальнікамі дашкольнай адукацыі і бацькамі сёння стаяць наступныя задачы:

  • раскрыць дзецям багацце і непаўторнасць роднай мовы;
  • выхаваць паважлівыя адносіны да сваіх бацькоў, дзядоў, роднай вёскі, сваёй краіны;
  • азнаёміць дзяцей з народнымі традыцыямі, далучыць да вытокаў фальклору і нацыянальнага мастацтва.

Родная мова

У марах, у песнях, у снах.

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер, і смак, і пах.

Зліваюцца гукі ў словы

І ў рэчышчы роднай мовы.

Як рэкі ў мора, цякуць.

А.Грачанікаў

свернуть
поделиться в: