Метадычная скарбонка

Кансультацыя для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі

Асаблівасці ўспрымання мастацкіх твораў малодшымі дашкольнікамі

    Выхаванне і развіццё асобы дашкольніка пад уздзеяннем мастацкай літаратуры здзяйсняецца ў працэсе яе непасрэднага ўспрымання. Пры слуханні літаратурнага твора, у залежнасці ад яго зместу і мэтавай накіраванасці, у дзіцяці ўзнікаюць сімпатыі, спачуванне ці адмоўныя адносіны да герояў, іх учынкаў.

   У склад кампанентаў эстэтычнага ўспрымання твора дзецьмі дашкольнага ўзросту ўваходзіць эмацыянальны водгук маленькага слухача, яго зацікаўленыя адносіны да герояў твораў, здольнасць да атрымання асалоды ад прыгожай, вобразнай і мілагучнай мовы, а таксама адчуванне дашкольнікамі магчымасці перанесці матывы таго ці іншага дзеяння героя на сябе, на свой невялікі рэальны жыццёвы вопыт. Успрыманне мастацкага твора – гэта перш за ўсё работа розуму і сэрца, усіх духоўных сіл дашкольніка папаўненне яго невялікага жыццёвага вопыту [1, с.6].

     Поспех арганізацыі і ажыццяўлення мастацка-маўленчай дзейнасці непасрэдна звязаны з падрыхтоўкай выхавальніка.

   Час для змястоўных эмацыянальна-вобразных зносін з мастацтвам слова вызначаецца распарадкам дня і прыкладна складае да 10 хвілін у малодшым узросце.

     Літаратурныя творы для ўспрымання падбіраюцца зыходзячы з развіццёвага патэнцыялу дзяцей, у адпаведнасці з тэматыкай, прапанаванай вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, з літаратурным вопытам дзяцей. Паслядоўнасць чытання мастацкіх твораў выхавальнік вызначае самастойна, кіруючыся прынцыпамі чаргавання вершаваных і празаічных тэкстаў. Пры падборы і планаванні паслядоўнасці азнаямлення дзяцей з мастацкімі творамі выхавальніку важна кіравацца наяўнымі падзеямі (сезон, святы, памятныя даты), тэматычнымі цыкламі. Пры выбары літаратурных твораў для чытання дзецям важна ўлічваць інтарэсы выхаванцаў, іх праблемы, эмацыянальны стан. Чытанне твораў лепш праводзіць у нязмушаных абставінах, пры гэтым варта даць дзіцяці магчымасць выбраць для сябе зручную позу ў непасрэднай блізкасці да педагога. Пажадана, каб слуханне твора для кожнага дзіцяці было добраахвотнае.

    Падрыхтоўка педагога да чытання мастацкага тэксту ўключае папярэдняе чытанне твора ўслух, звычайную рабочую разбіўку тэксту, вызначэнне інтанацыйнай выразнасці, пры гэтым выхавальніку неабходна памятаць, што ў аснове азнаямлення дзяцей з творам мастацкай літаратуры і фальклору ляжыць сам працэс чытання і радасць дзіцяці ад адкрыцця пачутага слова, мелодыкі вершаў.

    Працэс першапачатковай арыенціроўкі дзяцей у мастацкім творы падводзіць дашкольнікаў да больш усвядомленага ўспрымання твораў славеснага мастацтва.

     Паколькі ад ўспрымання мастацкага твора залежыць яго далейшае разуменне і ўзнаўленне, то перад выхавальнікам дзіцячага сада стаіць задача садзейнічаць працэсу ўспрымання літаратуры дашкольнікамі.

     Успрыманне з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў мастацка-маўленчай дзейнасці. Яно ўяўляе сабой складаны працэс, які ўключае слуханне, уяўленне, усведамленне праслуханага і разуменне яго зместу. Дзеці дашкольнага ўзросту не ўмеюць самі чытаць кнігі. Яны іх толькі слухаюць. Падчас слухання літаратурнага твора ў свядомасці дзіцяці ўзнікаюць пэўныя ўяўленні, канкрэтныя вобразы, якія яно асэнсоўвае і аб’ядноўвае паміж сабой, што дапамагае яму больш дакладна ўсвядоміць і зразумець змест прачытанага.

   Аб магчымасці дашкольнікаў глыбока ўспрымаць змест літаратурных твораў як мастацтва слова сведчаць псіхалагічныя даследванні Д. Б. Эльконіна, А. У. Запарожца, Л. І. Бажовіч, Л. С. Славінай. Псіхолагі адзначаюць, што характэрныя асаблівасці псіхікі, усведамлення і паводзін дзяцей дашкольнага ўзросту дазваляюць актыўна кіраваць працэсам ўспрымання мастацкага твора [1 ,с.7].

   Акадэмік А.У. Запарожац адзначае, што актыўнае ўспрыманне мастацкага твора дашкольнікамі яскрава праяўляецца ў працэсе яго слухання. Калі твор зацікавіў дзяцей, то яны ўвесь час перапыняюць ход расказвання, уключаюцца самі ў падзеі, звяртаюцца да дарослага з пытаннямі, намагаюцца дапамагчы героям. «Дзіця не хоча і не ўмее займаць пазіцыю старонняга гледача ўсіх апісваемых у казцы падзей. Яно намагаецца ўключыцца ў іх ход, перайсці на бок той ці іншай асобы, намагаецца рэалізаваць мэты пазітыўнага персанажа не толькі ў думцы, але і дзейсна!»[2,  с.72-73]

   Дашкольны ўзрост з’яўляецца перыядам актыўнага станаўлення ўспрымання мастацкіх твораў дзецьмі.

  Успрыманне мастацкага твора малодшымі дашкольнікамі вызначаецца сваёй непасрэднасцю. Яны эмацыянальна ўспрымаюць падзеі, што адбываюцца ў творы, актыўна перажываюць усё, што адбываецца з героем, нават з фантастычным, суперажываюць разам з ім. Іх вельмі радуе спрыяльны ход падзей, перамога дабра над злом (прыклад з вопыту работы. Праслухаўшы казку «Калабок», Уладзік Св. устае з месца, падыходзіць, заглядвае ў вочы і гаворыць: «Скажы, Мікалаеўна, што ліса не з’ела Калабка…». І вось тут я адказваю хлопчыку, што хоць і ліса праглынула Калабка, але ж ён пачаў у яе жываце спяваць сваю песеньку. Гэта лісе надакучыла і яна адкрыла шырока рот, а Калабок выкаціўся і далей пакаціўся па дарожцы. Але цяпер ён ужо быў больш уважлівы і хітрэйшы.)

    Увага дзяцей у большай ступені звернута на саміх герояў твора. Дашкольнікаў цікавіць іх знешні выгляд, дзеянні, учынкі. Адной з характэрных асаблівасцей успрымання мастацкіх твораў малодшымі дашкольнікамі з’яўляецца імкненне да рытмічна-арганізаванага складу маўлення, гучных рыфмаў, дакладных рытмаў, выразнай інтанацыі. У гэтым узросце дзеці больш за ўсё любяць слухаць (і чытаць) вершаваныя творы.

     На ўспрыманне твора настройвае ўступная гутарка, якая звычайна накіравана на зварот дзіцяці да свайго асабістага вопыту. Яе тэмай могуць стаць папярэднія назіранні дашкольніка за навакольнымі прадметамі і з’явамі.

     У малодшым дашкольным узросце асаблівае значэнне, асаблівую пабуджальную сілу ў мастацка-маўленчай дзейнасці мае гульнёвы матыў.

     Глыбокаму эмацыянальнаму ўспрыманню садзейнічае папярэдняе праслухоўванне музычных твораў, якія настройваюць дзіця на пэўны эстэтычна-эмацыянальны лад. Асабліва гэта датычыцца мастацкіх твораў аб жывой прыродзе.

     Узмацняе эмацыянальнае ўздзеянне твора выяўленчы наглядны матэрыял (цацка, карціна, ілюстрацыя і інш.).

     Для таго каб зацікавіць дзяцей, падрыхтаваць іх да ўспрымання тэксту, можна выкарыстоўваць і малыя фальклорныя жанры (загадкі). Яны выклікаюць у выхаванцаў пэўны эмацыянальны водгук і адпаведны настрой.

     Усведамленне і асэнсаванне мастацкага твора пачынаецца з яго чытання. Дзіця ўспрымае твор цалкам у еднасці яго зместу і мастацкай формы. Адным з самых дзейсных сродкаў данясення да маленькіх слухачоў зместу твора з’яўляецца майстэрства яго выразнага расказвання або чытання. Важна прадумаць элементы артыстычнасці – міміку, жэсты, вызначыць тыя месцы тэксту, якія неабходна будзе праскандзіраваць, праспяваць. Пры знаёмстве дзяцей з творам важна з’яўляцца не чытальнікам-дэкламатарам, а зацікаўленым удзельнікам.

     Чытаць або расказваць літаратурны твор варта не спяшаючыся, каб дзеці мелі магчымасць найбольш дакладна асэнсаваць яго змест, адчуць прыгажосць мовы.

     У працэсе чытання або расказвання дашкольнікі павінны бачыць твар выхавальніка, яго артыкуляцыю, міміку, а не толькі чуць яго голас. Пры гэтым важна прытрымлівацца правіла: глядзець не толькі ў тэкст, але і ў твары дзяцей, сустракацца з імі вачамі, назіраючы за іх рэакцыяй.

     Пры расказванні малых фальклорных жанраў важна стварыць такія ўмовы, пры якіх у малога паўстала б патрэба маўленчага ўзаемадзеяння з дарослым.

     Пры чытанні некаторых пацешак можна мяняць імя дзеючага персанажа на імёны дзяцей з групы. Кожнае дзіця з нецярпеннем чакае, калі пра яго раскажуць, і ў той жа час з цікавасцю сочыць за тым, як расказваюць пра іншых дзяцей.

   Знаёмячы дзяцей з народнымі казкамі, неабходна ўлічваць варыятыўнасць іх зместу. Для расказвання трэба падбіраць той варыянт, які максімальна адказвае магчымасцям успрымання дашкольнікаў.

    У працэсе эмацыянальна-вобразных зносін важна кіравацца прынцыпам узаемадзеяння слова і нагляднасці.

Расказванне без нагляднага суправаджэння выкарыстоўваецца на занятках, прысвечаных паўтору знаёмых пацешак, песенек, казак, кароткіх апавяданняў.

    Дзіця малодшага дашкольнага  ўзросту з задавальненнем разглядае кніжкі-малюнкі, яму даступна разуменне рэалістычнага і камічнага.

     У пацешках, песеньках і вершах часам не ўсе словы зразумелыя малым. Гэтак жа, як зачыны, гукаперайманні, яны выконваюць у гэтых творах гукавую, дапаможную гульнёвую ролю, таму іх можна не тлумачыць.

  Не зразумелыя словы тлумачацца перад чытаннем твора. Напрыклад, перад расказваннем казкі «Лісіца-хітрыца» можна паведаміць дзецям: «Я раскажу вам казку пра лісу, якая ўвесь час хітрыла, падманвала».

     Каб дзеці адчулі паэтычную мову твора, зразумелі яго тэму і ідэю, мэтазгодна вяртацца да яго ўспрымання неаднаразова. Важна рыхтаваць дзяцей малодшага ўзросту да больш усвядомленага ўспрымання мастацкага слова. У сувязі з гэтым варта развіваць у дашкольнікаў здольнасць уважліва прыслухоўвацца да эмацыянальна-вобразнага зместу твора, уяўляць малюнкі, якія створаны пры дапамозе мастацкага твора, эмацыянальна адгукацца на апісаныя ў мастацкім творы жыццёвыя выпадкі, адчуваць выразнасць асобных слоў, праяўляць жаданне выказацца, актыўна адказваць на пытанні і задаваць іх.

     Важна імкнуцца выклікаць у дашкольнікаў актыўнае ўспрыманне твора. Пасля першага расказвання казкі дзецям педагог дапамагае ім прыпомніць яго змест шляхам заданняў, накіраваных на выкананне імі пэўнага дзеяння, дагаворвання слоў, фраз, узнаўлення ўпадабаных урыўкаў мастацкага тэксту.

    Не варта імкнуцца да абавязковага абмеркавання з дзецьмі мастацкага тэксту адразу пасля чытання. Абмеркаванне павінна насіць нязмушаны характар. Яно дарэчы пасля чытання, калі ў дзяцей узнікаюць пытанні і меркаванні адносна прачытанага.

   Трэба з асобай увагай прадугледзець ход гутаркі, прадумаць пытанні, тонка кіраваць эмацыянальна-вобразнымі зносінамі. У працэсе зносін не даецца гатовай інфармацыі, гатовага адказу, толькі аказваецца дапамога ў яго пошуку, для чаго дзецям задаюцца навадныя пытанні, а не пытанні для інфармацыі, што пашырае свабоду творчай думкі дзіцяці.

    У працэсе гутаркі пасля чытання мастацкага твора важна дапамагчы дзіцяці асэнсаваць і зразумець не толькі ўзаемасувязь развіцця сюжэтных ліній твора, але і глыбокі істотны жыццёвы сэнс, закладзены ў яго аўтарам, адчуць жыццё герояў, іх перажыванні. Таму неабходна прадумаць для гутаркі пытанні, якія актывізуюць аналітычную і эмацыянальную рэакцыю дзяцей, вучаць іх суперажыванню і спагадзе.

     Неабходна ажыццяўляць знаёмства дзяцей і з паэтычнымі творамі. Важна дапамагчы дзіцяці пранікнуць у мастацкі сэнс верша, атрымаць

асалоду ад музыкі паэтычнага слова. На занятках трэба садзейнічаць

запамінанню вершаваных радкоў. У далейшым, у вольны ад заняткаў час, у памяці дзяцей замацоўваюцца вершы, вывучаныя на занятках, ажыццяўляецца работа над выразнасцю іх чытання.Пры гэтым работа вядзецца з адным або некалькімі дзецьмі.

     У дашкольнікаў важна фарміраваць уменне выразна і пранікнёна выконваць тэксты. Пры чытанні на памяць, пераказе, чытанні і пераказе па ролях неабходна фарміраваць навыкі выразнай перадачы зместу літаратурных твораў розных жанраў.

    Дзецям малодшага дашкольнага ўзросту вершы для завучвання неабходна падбіраць такім чынам, каб яны маглі іх лёгка запомніць. Для таго каб дзіця запомніла верш, яму трэба пачуць яго не менш як 3-4 разы.

      Таксама дашкольнікаў неабходна рыхтаваць да пераказу твора.

  Вялікую ўвагу пытанням навучання дзяцей пераказванню надавала      А.А. Флёрына. Яна разглядвала пераказ, як першы крок дзіцяці ў самастойным распавяданні, як творчую дзейнасць, якая ўзбагачае маўленне новымі спосабамі выразнасці.

   Заняткі па пераказу літаратурных твораў праводзяцца ўжо з малодшымі дзецьмі. Іх трэба рыхтаваць да самастойнага пераказвання, вучыць аднаўляць змест вядомых казак і кароткіх апавяданняў, браць удзел у сумесным з выхавальнікам пераказе.

   Для пераказвання  падбіраюцца празаічныя творы – казкі, апавяданні, звязаныя з вопытам дзяцей, якія маюць выхаваўчае значэнне, якія ўяўляюць сабой узоры дзіцячай мастацкай літаратуры, творы з выразнай кампазіцыяй, паслядоўнасцю дзеянняў. Яны павінны быць напісаны ўзорнай мовай з даступным дзецям слоўнікам без складаных граматычных форм, кароткімі, выразнымі фразамі. Пажадана, каб у творы былі дыялогі, якія спрыяюць фарміраванню выразнасці маўлення дзяцей. Гэтым умовам асабліва адпавядаюць народныя казкі, дзе багата дыялогаў, дзе ўвагу дзяцей прыцягваюць спецыяльныя народныя або казачныя абароты (высока сядзіць, далёка глядзіць). Такім чынам, паўнацэнны выхаваўчы змест, даступнасць, выразная кампазіцыя, простая, але багатая мова, невялікі аб’ём – вось тыя патрабаванні, якія трэба ставіць да літаратурных твораў для пераказвання.

    Дзяцей малодшага ўзросту на занятках па азнаямленню з мастацкай літаратурай неабходна вучыць сачыць за развіццём дзеяння ў казцы, апавяданні, спачуваць пазітыўным героям і паступова падводзіць іх да аднаўлення тэксту. Дзеці пераказваюць праслуханы твор, адказваючы на пытанні выхавальніка. Правільна пастаўленыя пытанні вызначаюць паўнату і паслядоўнасць перадачы дзецьмі прачытанага. Дзяцей таксама можна далучаць да сумеснага пераказу з выхавальнікам, заахвочваючы да вымаўлення асобных слоў або сказаў пры паўторным расказванні казкі выхавальнікам.

     Такім чынам, выхавальнік рыхтуе дзяцей да самастойнага пераказу. Мастацкая адукацыя дзяцей ажыццяўляецца не толькі ў працэсе заняткаў, але і ў вольны ад заняткаў час. 

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

  1. Дубініна, Дз. М. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе: Дапам. для педагог. дашк. устаноў/ Дз. М. Дубініна, Н. С. Старжынская. – Мінск: Нар. асвета, 1999. – 103 с.
  2. Запорожец, А. В. Психология восприятия ребёнком-дошкольником литературного произведения. Избр. психол. труды: В 2 т. Т. 1. /А. В. Запорожец. – М., 1986. – с. 72-73.
  3. Марціновіч, Л. С. Сцяжынка/ Л. С. Марціновіч, Т. У. Юрэвіч, Л. У. Іўліева. – Мінск: Народная асвета, 1994. – 319 с.
  4. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі/ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінс: Нац. ін-т адукацыі, 2019. – 464с.
  5. Някрасава, Н. Дз. Дзеці і мір казак: дапаможнік для выхавацеляў дашк. устаноў: 2-е выд; перараб. і дап./Н. Дз. Някрасава, Р. В. Маісеенка. – Мінск: Зорны верасень, 2006 – 146 с.
  6. Рудзік, В. С. Планаванне работы па развіцці маўлення дашкольнікаў у вольны ад заняткаў час: дапаможнік для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі/ В. С. Рудзік. – Мазыр: ТАА ВД «Белы Вецер», 2005. – 100 с.

 

 

свернуть

Канспекты заняткаў з выкарыстаннем мастацкага твора

Адукацыйная галіна "Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін"

Тэма: «Пераказ беларускай народнай казкі «Курачка Рабка» (апрацоўка А. Якімовіча).

Праграмны змест: развіваць уменне ўспрымаць тэкст, рыхтаваць дзяцей да яго ўзнаўлення; пашыраць слоўнік за кошт слоў, якія абазначаюць дзеянні і прыметы прадмета; практыкаваць у правільным вымаўленні галосных і зычных гукаў у гукапераймальных словах.

Матэрыял: пласкасныя фігуры курачак, персанажы настольнага тэатра для інсцыніроўкі казкі.

Ход занятка

(Прыходзіць бабуля, вітаецца, запрашае дзяцей у госці.)

Б.: Жыву я, дзеткі, далёка, таму паедзем на цягніку (дзеці выконваюць імітацыйныя рухі ў адпаведнасці з тэкстам верша).

Цягнік імчыцца, грукае:

Чух-чух-чух-чух.

Сэрца моцна стукае:

Тук-тук-тук-тук.

Хату хутка мы ўбачым

Там-там-там-там,

А бабуля ўсміхнецца

Нам-нам-нам-нам!

Б.: Вось мы і прыехалі. Гэта мая хата. Ды і курачкі мае нас сустракаюць. (Паказвае на пласкасныя фігуры курачак). Трэба іх пакарміць. (Бабуля разам з дзецьмі сыпле ў міску зярняты). Паглядзіце, як яны дзяўбуць іх! Чым дзяўбуць курачкі зярняткі? Курачкі дзяўбуць зярняты дзюбай. Якога колера пер’е ў іх? Гэтая курачка беленькая. А вось гэта – шэранькая. А вось тая – рабая.

Б.: Давайце зараз пагуляем. Вы ўсе пераўтворыцеся ў курачак.

Б.: Куркі! Куркі!

Дз.: Ко-ка! Ко-ка!

Б.: Не хадзіце ў лес далёка!

Бо жыве ў лесе ліс,

Шмат ён курачак загрыз,

А загінуць куркі ўсе,

Хто яечак нам знясе?

Кажуць куркі:

Дз.: Ко-ка! Ко-ка!

Не адыдземся далёка! (Прыселі імітуюць, як дзяўбуць куры).

Гульня паўтараецца некалькі разоў.

Б.: Пра маю курачку рабку складзена казка. Вы яе ўжо чулі. Паслухайце гэту казку яшчэ раз. Цяпер я буду бабуляй-казачніцай.

(Бабуля, выкарыстоўваючы фігуркі настольнага тэатра, расказвае казку  «Курачка Рабка»).

Б.: Ці спадабалася казка? Пра што расказваецца ў казцы? Чаму плакалі дзед і баба? Што ім адказала мышка? Давайце раскажам гэту казку разам: «Жыў дзед, жыла … (бабка). Была ў іх… » і г. д.

(Затым бабуля частуе дзяцей аладкамі і яны едуць назад у садок.)

 Адукацыйная галіна "Дзіця і прырода"

 Тэма: «Нашы маленькія сябры».

Праграмны змест: знаёміць дзяцей з птушкамі бліжэйшага акружэння; фарміраваць элементарныя ўяўленні аб жыцці птушак ў зімовы перыяд; пабуджаць дзяцей уключацца ў дыялог з дарослым, у чытанне верша, адказваць на пытанні, ініцыятыўна выказвацца; выхоўваць увагу і клапатліввыя адносіны да ўсяго жывога.

Матэрыял: аўдыёзапіс з галасамі птушак, карцінкі з выявамі птушак.

 Ход занятка

Выхавальнік дашкольнай адукацыі прапануе дзецям зручна размясціцца на дыване, можна заплюшчыць вочы. Ціха гучыць запіс галасоў птушак.

В.: Што вы чуеце? Чые гэта галасы? (Птушак). Што робяць птушкі? (Пяюць, шчабечуць). Ці чулі вы галасы птушак цяпер на нашай пляцоўцы? (Не). Як вы думаеце, чаму? (На вуліцы зіма). Зімой на вуліцы цёпла ці холадна? Якіх птушак вы бачылі на галінках дрэў? Так, снегіроў, сінічак. (Паказвае карцінкі з выявамі птушак). Ці лёгка птушкам знайсці корм у гэты час?

В.: Мы можам дапамагчы птушкам. У мяне ёсць зярняткі. Вось насыплем іх ў кармушку. А калі пойдзем на прагулку, павесім яе на галінку дрэўца. Няхай ядуць птушачкі.

Нашы сябры

Снегіры, сінічкі!                                 Не ляціце ў бары,

Сыплю вам пшанічкі,                        А жывіце ў двары

Крупак, крошак хлеба,                     Да вясновае пары.

Вам жа мала трэба!                         Вось для вас кармушкі,

Ешце, любыя сябры!                        Птушкі-шчабятушкі!

Нашы весялушкі!

Станіслаў Шушкевіч

Гульня «Сінічка»

Дзеці стаяць у крузе. Адно дзіця – «сінічка». «Сінічка» ўлятае ў круг і вымаўляе: «ць-ць-ць». Дзеці гавораць:

– Сінічка, сінічка,

Птушка-невялічка!

Дзе ты была?

Дзе ты жыла?

Сінічка адказвае:

– Я сядзела па кустах,

Я лятала па садах –

Ць-ць-ць.

На словы «сядзела па кустах» і «лятала па садах» сінічка робіць адпаведныя рухі. Вымаўляючы «ць-ць-ць», вылятае з круга.

Гульня «Пазнай па апісанні»

Выхавальнік дашкольнай адукацыі апісвае птушку, а дзеці павінны пазнаць яе, назваць і паказаць на малюнку.

Адукацыйная галіна "Дзіця і прырода"

Тэма: «Што расце на градзе?»

Праграмны змест: даць дзецям уяўленне пра агародніну; вучыць пазнаваць і адрозніваць моркву, рэпу, капусту, памідоры, цыбулю, буракі, бульбу; вызначыць агародніну па смаку, успомніць з дзецьмі знаёмую казку і прыняць удзел у яе інсцыніраванні.

Матэрыял: кошык, агародніна: морква, рэпа, капуста, памідоры, цыбуля, буракі, бульба.

 Ход занятка

Дзеці заходзяць у групавы пакой і заўважаюць дзеда (перапранутага памочніка выхавальніка), вітаюцца.

В.: Добры дзень, дзядуля. Што ж ты тут робіш?

Дзед: Вось, на агарод хадзіў. Увесну я пасадзіў там рэпку. Яна ўсё лета расла расла ды і вырасла, хацеў выцягнуць яе, але ў мяне нічога не атрымалася.

В.: Дзядуля, не хвалюйся. Мы табе дапаможам. Вось толькі пакажы, што гэта ў цябе ў кошыку?

Дзед: Усё гэта я нарваў на градзе. Вось паглядзіце, што гэта, дзеці? (Морква). Якога яна колеру? (Аранжавая). Якой формы? (Вялікая, доўгая).  Яна вельмі смачная, салодкая. Перад ядой яе абавязкова трэба добра мыць. Дзед: Што яшчэ ляжыць у мяне ў кошыку, паспрабуйце адгадаць.

Загадка

Целам доўгі і зялёны,

Вельмі смачны я салёны,

Проста так мяне ядуць

І ў салат мяне кладуць.

Кажуць людзі незнарок

Вельмі смачны… (агурок).

(Дзед паказвае дзецям агурок).

В.: Якога колеру агурок? Якой формы?

Дзед:Сакавіты, круглаваты,

Здаравяка гэты.

Нам патрэбен на салаты і на вінегрэты. (Бурак).

(Паказвае бурак).

В.: Якога ён колеру? Якой формы?

Вось бабуля важна села

І глядзіць навокал смела.

У зямлю схавала лапаць,

Як зачэпіш – будзеш плакаць.

Гэта злосная бабуля

Называецца… (цыбуля).

(Паказвае цыбулю).

В.: Якога яна колеру? Якой формы?

У агорадзе быццам мячык,

Толькі нешта ён не скача.

А на ім не пералічыш –

Шмат зялёненькіх спаднічак.

Апранута густа-густа,

А завецца ён… (капуста).

(Паказвае капусту).

В.: Якога яна колеру? Якой формы?

В.: Дзеці, усё гэта: агурок,  памідор,  цыбуля,  бульба,  морква – агародніна. Агародніна расце на градцы ў агародзе.

В.: Дзядуля, ты многа сабраў агародніны.

Дзед: Сапраўды, цудоўная агародніна вырасла на маім агародзе. Вось бяда толькі, рэпку не змог вырваць, бо яна вырасла вельмі вялікая. (Паказвае на выразаную з кардону рэпу).Сама ў зямлі расла, а лісцікі над зямлёю. Вось зараз яшчэ паспрабую пацягнуць за лісцікі, можа выцягну.

В.: Дзед цягне-цягне, а выцягнуць не можа. Кліча бабку. (дзіцяці надзяваецца шапачка ці павязваецца хустка. Яно становіцца ўдзельнікам інсцэніроўкі. Падзяляюцца і іншыя ролі. Дзеці разам з дарослым успамінаюць казку і прагаворваюць яе словы па ролях. Пасля таго, як выцягнулі рэпку, дзед дзякуе за дапамогу і прапануе дзецям памыць рукі і частуе іх агароднінай. Пачастунак дзеці павінны адгадаць).

Гульня «Пазанай па смаку».

свернуть

Вучым вершы і чытаем вершы на беларускай мове

Якуб Колас

Дзед Мароз

Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.

Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.

Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!

Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.

Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.

 

  • На рэчцы зімою

    Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
    Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
    – Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.
    – Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?
    Я не буду доўга, зараз жа вярнуся,
    Трошачкі на рэчцы ў санках паважуся.
    – Ну, ідзі, пабегай, толькі апраніся
    Ды, глядзі, ў палонку, сынку, не ўваліся.
    Радасць і раздолле хлопчыку малому
    І не пазайздросціць ён цяпер нікому!
    На плячо – сякерку, саначкі – у руку,
    Хлеба ўзяў акрайчык. – Цюцік! – свіснуў Жуку.
    Пад скарынкай лёду тут жа, каля хаты,
    Працякала рэчка скрозь лясныя шаты.
    Побач той рачулкі кучы буралому,
    І застыла рэчка мёртва, нерухома.
    – Эй ты, лёд-гвалтоўнік! Што ты вытвараеш?!
    Ты нашто вадзіцу крыўдзіш, ушчуваеш?
    Дам ёй ход, дарогу, каб на свет зірнула!
    І яго сякерка спрытна секанула.
    Звякае сякерка, глуха стук нясецца.
    Раптам клуб вадзіцы з-пада дна ўзаўецца.
    Коціцца вадзіца, іней падымае
    Ды такую казку-байку хлопцу бае!
    На рачулцы ў лесе меў Алесь забаву.
    Ну ж і пацяшаўся хлопчык тут на славу!

Максім Танк

Ехаў казачнік Бай

— Ехаў казачнік Бай
Цераз сёлы і гай.
Баіць ці не?
— Бай!

— Ён пытаўся ў мяне:
— Што даць дзецям у сне? —
Баіць ці не?
— Бай!

— Я прасіў: дзецям дай
Казку-песеньку, Бай!
Баіць ці не?
— Бай!

— А найлепшую з іх
Дам для самых малых.
Баіць ці не?
— Бай!

Тым хто любіць мяне
І хто першы засне. —
Баіць ці не?
— Не!

Ірынка

Ірынцы спадабалася
Цудоўная вясна.
Як восені даждалася,
Пайшла прасіць яна,

Прасіць нябёс ня хмарыцца,
Вятроў — не галасіць,
Срабрыстых росаў раніцай
На травах не гасіць;

Каб сонейка высокае
Свяціла на палі,
А кветкі сінявокія
Зноў на лугах цвілі;

Прасіць сям'ю крылатую
З лясоў не адлятаць,
Бярозку расахатую
Лістоў не атрасаць...

Прасіла яна шчыра так,
Прасіла ўсю зіму,
І мo вясна аж з выраю
Вярнулася таму.

Вярнулася, пяе ізноў
З бярозкай над ракой,
Пяе сярод дуброў, лугоў
З Ірынкаю малой.

свернуть